АРЭНБУ́РГСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у Расійскай Федэрацыі. Утворана 7.12.1934. Плошча 124 тысяч км². Насельніцтва 2230,9 тысяч чалавек (1994), гарадскога 65%. Цэнтр — горад Арэнбург, найбольшыя гарады Бугуруслан, Бузулук, Меднагорск, Наватроіцк, Орск.
Прырода. Размешчана ў перадгор’ях Паўднёвага Урала. Паверхня раўнінная. На 3 увалы Агульнага Сырта і Арэнбургскі стэп, у цэнтральнай частцы грады Губерлінскіх гор (вышыня да 667 м), на Усходзе Заўральская раўніна і заходняя ўскраіна Тургайскага плато. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, буры вугаль, жалеза, медныя і нікелевыя руды, кухонная соль, азбест, мармур і інш. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -14 да -18 °C, ліпеня ад 19 да 22 °C; ападкаў 300—450 мм за год. Асноўныя рэкі Урал, Сакмара і Самара. На Паўднёвым Усходзе бяссцёкавыя азёры. Ірыклінскае вадасховішча. Глебы пераважна чарназёмныя, на Поўдні і Паўднёвым Усходзе каштанавыя. Пашырана разнатраўна-ціпчаковая стэпавая расліннасць, лясы займаюць 4% тэрыторыі, трапляюцца бярозавыя гаі і дубровы, астраўныя хваёвыя лясы (у тым ліку Вялікі Бузулукскі бор). Арэнбургскі запаведнік.
Гаспадарка. Асноўныя галіны прамысловасці: чорная і каляровая (вытворчасць нікелю, медзі і хромавых злучэнняў) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (горнае, металургічнае, халадзільнае абсталяванне, станка- і прыладабудаванне, гідраўлічныя прэсы, электрарухавікі, трактарныя прычэпы, вузлы і дэталі, сельскагаспадарчыя машыны і інш.), газа- і нафтаперапрацоўчая, хімічная і нафтахімічная (азотныя ўгнаенні, сера, гумава-тэхнічныя вырабы і інш.); лёгкая (трыкатажная, швейная, гарбарна-абутковая прамысловасць; вытворчасць пуховых хустак і інш.), харчовая (мукамольна-крупяная, мяса-малочная і інш.); вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (у тым ліку цэменту). Здабыча газу (гл. Арэнбургскае радовішча), нафты, бурага вугалю, жалезных і нікелевых руд, азбесту, кухоннай солі і інш. Ірыклінская ДРЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень) і кармавых культур. Вырошчваюць грэчку, сланечнік, бульбу, агародніну, садавіну. Мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля; пуховая козагадоўля. Праходзяць чыгункі Самара—Арэнбург—Ташкент (з адгалінаваннем на Уфу), Арэнбург—Орск—Чэлябінск; аўтамабільныя дарогі Уфа—Арэнбург, Самара—Уральск і інш.; нафтаправоды Эмба—Орск, Ішымбай—Орск, участак газаправода Бухара—Урал, пачынаецца газаправод «Саюз».
П.І.Рагач.
т. 2, с. 11